МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сць культ. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
А.І.Галаўнёў.
т. 10, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)